?

Log in

No account? Create an account
Минск
История и современность
Найстарэйшая школа Менску: папраўка на 200 гадоў 
6-сент-2011 08:47 am

Средняя школа № 4 Минска Будынак школы №4 ня быў разбураны ў 1941, аднак на стан лета 1944 быў у руінах.

Менская сярэдняя школа №4 пры дырэктарцы Л.К. Дарафеевай напачатку 1980-х запомнілася Vašamu Suziralniku даволі драконаўскай дысцыплінай. Раней Vaš Suziralnik меркаваў, што гэта былі толькі якіясь перажыткі сталінізму. Чамусьці „вобраз“ школы пачатку 80-х асацыяваўся ў Vašaha Suziralnika, — акрамя славутай „мармуровай лесьвіцы“, — з 2-м сталінскім выданьнем „Большой Советской энциклопедии“, што займала ганаровае месца ў школьнай бібліятэцы і да якой заахвочвалі зьвяртацца па даведку, як да апошняй інстанцыі. Усё-ж школа насіла імя Кірава яшчэ з 1934 году, ды займае свой будынак на Чырвонаармейскай, 11, з 1936.
          Аднак аказалася, што, магчыма, гісторыя справы сягае нават шмат глыбей. Як распавядаецца на сайце школы, сярэдняя школа №4 паўстала зь сямігадовае школы №4, што паміж 1936 і 1925 знаходзілася па вуліцы Савецкай, 95. Сямігадовай яна стала на моцы пастановы Наркамасьветы БССР ў 1921 годзе, рэарганізаваная з ранейшай школы №4 ІІ ступені. Дзе мясьцілася 4-я школа ў пэрыяд 1921-25 аўтару невядома, але яе ранейшы будынак быў у 1921 заняты БДУ: як паведамляе газэта БДУ „Унівэрсітэт“, „у гісторыю універсітэта будынак былой гімназіі ўвайшоў як „Першы дом БДУ“, ці „Дом № 1 БДУ“... Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё першага нацыянальнага універсітэта...“
         А тая менская школа ІІ ступені №4 была ні чым іншым, як нацыяналізаванай у 1918/1919 менскай прыватнай гімназіяй Зубакіна і Фальковіча (у інш. крын. Фалковіча); дакладная дата аўтару невядома: дэкрэт СНК РСФСР аб нацыяналізацыі школ 5 чэрвеня 1918 г. у Менску пры БНР і гэнэрал-фельдмаршалу фон Фалькэнгайну моцы мець ня мог, аб нацыяналізацыі адукацыі ўрадам БНР аўтару невядома; Чырвоная Армія заняла Менск 10 студзеня 1919 г. Вядома аднак, што ў 1918 гімназія Зубакіна і Фальковіча працягвала сваю працу: нп. Уладзіслаў Чаржынскі cкончыў 7 клясаў тае гімназіі ў 1918. (Пав. нек. зьв., падчас пераўтварэньня ў савецкія школы І і ІІ ступені ў 1919 (гл. ніж.) да гімназіі Фальковіча была далучана жаночая прыватная гімназія М. Скавароднікавай (засн. як вучэльня ў 1899, гімназія з 1905), а на базе ўтворанай пры тым таксама школы І-й ступені (г.зн. пачатковых клясаў) пазьней створана СШ №7, якой, у такім разе, можна прызнаць „пераемнасьць малодшай лініі“ таксама ад абедзьвюх гімназіяў, хоць школы пачатковых клясаў уласна ўстановамі сярэдняй адукацыі ў сьціслым сэнсе не былі).
        Менская „Частная, с правами правительственной, мужская гимназия С.П. Зубакина и К.О. Фальковича“ (у нек. крын. вызначаецца як „філёлягічная гімназія“) адчынілася ў 1906 годзе ў „доме Падвальнага“ на рагу Скобелеўскай і Магазіннай, што знаходзіўся на месцы цяперашняга гістарычнага факультэта Белдзяржунівэрсытэту (пав. нек. зьв., пэўныя элемэнты старога будынку ўключаны ў сучасны) — па другі бок вуліцы ад сучаснага будынку СШ №4. У 1913 гімназія мела 481 вучня, гадавая плата складала 120-150 рублёў ($5500-7000 ў сучасных цэнах на золата). Падчас І Сусьветнай вайны ў яе будынак быў заняты расейскім ваенным шпіталем, а заняткі былі пераведзены ў будынак жаночай урадавай гімназіі, дзе адбываліся ў другую зьмену(1).
        На гэтых падставах, у 2006 годзе 4-я сярэдняя школа адзначыла сваё 100-годзьдзе, як найстарэйшая сярэдняя школа ў Менску.

Стары будынак гімназіі быў сур'ёзна пашкоджаны напачатку вайны. Выгляд у 1949 г.
Што сёньня найстарэйшая — тое, відаць, слушна (хоць ёсьць зьвесткі аб магчымай пераемнасьці СШ №1 ад менскай урадавай жаночай гімназіі, створанай яшчэ ў 1899). Аднак тэза на конт 100-годзьдзя патрабуе важнага ўдакладненьня, якому і прысьвечаны гэты допіс. Рэч у тым, што сучасная школа №4 сталася спадкаемцам ня толькі даваеннай школы №4. Бо ў 1974 годзе пад назваю і ў будынку сярэдняй школы №4 адбылося аб'яднаньне ранейшае 4-й сярэдняй школы і 2-й сярэдняй школы, якая знаходзілася на суседняй вул. Энгельса. Гэтак, у склад „узбуйнёнай“ школы №4 былі ўлучаны вучні, матэрыяльна-тэхнічная частка з вул. Энгельса — а настаўнікі з ранейнай школы №2 (нп. Гаўрусейка, Масалаў) у значнай ступені вызначалі пэдагагічнае аблічча 4-й школы зь сярэдзіны 1970-х па пачатак 1990-х.
       Як будзе паказана ніжэй, сучасная СШ№4, апынуўшыся ў выніку аб'яднаньня 1974 г. установаю-пераемнікам таксама і 2-й школы, з гэтага гледзішча мусіла бы абгрунтавана лічыць не 100-годзьдзе, а хутчэй 300-годзьдзе агульнай сваёй пераемнасьці як навучальная ўстанова.

        Нарыс аб гісторыі ранейшай сярэдняй школы №2 (ня блытаць са шк. №2, што ў Серабранцы) апублікаваны ў кнізе ўспамінаў яе выпускнікоў (2). Адтуль дазнаемся, што сумеснае навучаньне хлопчыкаў і дзяўчынак было адноўлена ў 2-й школе ў 1954 годзе, а ў 1944-1954 яна была жаночай сярэдняй школай. У свой будынак па вул. Энгельса, насупраць „Тэатру юнага гледача“, яна была пераведзена ў 1937 г., як поўная сярэдняя школа, з 1938 г. называлася школай №2 ім. Сталіна. Як зазначаецца, яшчэ ў даваенны час там „в дверях стоял внушительный швейцар в ливрее с галунами“. 2-я школа была сямігадовай сярэдняй у 1922-1926. У сямігадовую менскую №2 яна была рэарганізаваная на падставе прынятага Калегіяй Наркамасьветы БССР „Положения о реформе школ 2-й ступени“ ад 5 жніўня 1921 г., будучы перад тым менскай савецкай школай II ступені — якой яна сталася ў выніку Дэкрэта Савета Народных Камісараў ССР Літвы і Беларусі „Аб рэарганізацыі школьнай справы“ ад 24 сакавіка 1919 г.: які тычыўся рэарганізацыі дарэвалюцыйных гімназіяў Беларусі і Літвы ў савецкія школы І і ІІ ступені, м.ін. ўводзіў сумеснае навучаньне хлопчыкаў і дзяўчынак. (Якая жаночая навучальная ўстанова была пры гэтым далучана, аўтару невядома. Для пачатковых клясаў была тады створана школа І ступені, што пазьней сталася падмуркам сярэдняй школай №5, за якой можна прызнаць пераемнасьць „малодшай лініі“, нават калі, у адрозьненьне ад гімназіяў, школы І ступені ўстановамі сярэдняй адукацыі ў сьціслым сэнсе не былі; знаходзілася ў тым самым будынку).

Бо раней школа, якая з 21 студзеня 1919 (Менск заняты Чырвонай Арміяй) працягвала сваю працу ва ўласным будынку па вул. Губэрнатарскай, 21, была менскай дзяржаўнай мужчынскай гімназіяй. Аднавіла ж яна сваю працу ў Менску відавочна калісьці ў 1918 годзе, бо ў 1915, як дзяржаўная установа, была на нейкі час эвакуяваная ў Маскву з прычыны набліжэньня фронту І Сусьветнай вайны.

         Тая менская дзяржаўная мужчынская гімназія была найстарэйшай сярэдняй навучальнай установаю дарэвалюцыйнага Менску Губэрнскага, яшчэ ў 1903 годзе адзначала 100-годзьдзе свайго статусу дзяржаўнай гімназіі. Як паведамлялася ў 1904 г.,
„Торжество началось богослужением в гимназической церкви. Вечером состоялось чтение об Александре І. Во второй день торжества, 12-го декабря, в присутствии попечителя виленского учебного округа Попова состоялась с участием оркестра и хора гимназистов торжественный акт, на котором было прочтено краткое извлечение из исторической записки о гимназии, составленной директором гимназии Адо. В начале акта попечитель округа обратился к присутствовавшим на торжестве с небольшой речью, в которой высказал тот взгляд, что только при общей дружной работе учащих и учащихся, при взаимном доверии и возможно достигнуть в деле воспитания благотворных результатов. Закончилось торжество чтением приветственных адресов и телеграмм от всех почти средне-учебных заведений края, многих правительственных и общественных учреждений и от бывших питомцев. Кроме того гимназию приветствовали наше городское общественное самоуправление в лице городского главы Райкевича, редакция местной газеты („Северо-запад. Край“) и местное общество любителей изящных искусств“ Вестник „Русская школа“ №2, 1904 г., Столетие Минской гимназии.
         Гэтак, у 1865-1918 гэта была дзяржаўная „Минская мужская классическая гимназия с двумя древними языками“. На стан канца XIX ст. вядома, што ў гімназіі працавалі 35 настаўнікаў і 7 дапаможных настаўнікаў, якія былі выпускнікамі розных унівэрсытэтаў Расейска Імпэрыі. У 1887 было таксама 27 служачых, 15 зь якіх таксама мелі вышэйшую адукацыю. Выкладчыкі былі аўтарамі шматлікіх навуковых працаў і вучэбнай літаратуры ў розных галінах навукі, а таксама перакладчыкамі навуковай літаратуры таго часу. Відаць, што не была занядбана і справа палітычнай лёяльнасьці: м.ін. 6 асобаў мелі мэдаль „В память усмирения польского мятежа 1863-64 гг“, а катэхетам быў прызначаны сам кс. Ф. Сенчыкоўскі. Гімназія ўключала ўласную царкву, бібліятэку, сьпэцыялізаваныя габінэты (фізычны, прыродазнаўчых навук, мінэралёгіі).

Гімназісты 6-га клясу з настаўнікам гісторыі П. Аляксандравым, 1898 г.
Было дадатковае выкладаньне маляваньня і музыкі, існавалі 2 хоры і 2 аркэстры. Колькасьць вучняў вагалася каля 500. Навучаньне было платным (75 руб. у 1913, каля 3500 даляраў ЗША ў сучасных цэнах золата), аднак дзеці бедных вызваляліся ад платы (сярод вучняў 10%), некаторым прызначаліся нават стыпэндыі (59 асобаў у 1898 г.)(1). У 1892 ва ўсіх клясах была ўсталявана вэнтыляцыя (адсюль). Сярод знакамітых выпускнікоў гімназіі таго часу быў нп. славуты мастак Фэрдынанд Рушчыц (вып. 1890 г.), Ян Неслухоўскі (Янка Лучына), Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш), Іван Луцкевіч (вып. 1902 г.), Антон Луцкевіч, Яфім Бялевіч (міністр юстыцыі і фінансаў у першым урадзе БНР), Уладзімір Самойла (адзін з заснавальнікаў першага беларускага кніжнага таварыства „Мінчук“, у Менску ў 1906 г., дзеяч культуры), Язэп Фарботка (дыплямат БНР, паэт) (вып. 1914), Георгі Крывашэін (вып. 1914), Мар'ян Зьдзяхоўскі (вып. 1879), і інш.
         Тая Менская клясычная мужчынская гімназія паўстала ў 1865 г. ў выніку рэформы ранейшай Менскай мужчынскай губэрнскай сямікляснай гімназіі, што працавала ў пэрыяд 1804-1865 гг. З 1846 (паводле інш. зьв. — 1844) году губэрнская сяміклясная гімназія знаходзілася ў згаданым вышэй будынку (пазьней 2-й СШ) па вул. Губэрнатарскай, 21 (цяпер вул. Леніна, на пляцоўцы — дамы 7,9,11), сьпецыяльна для яе збудаваным. 
Перад тым, з 1835 яна была вымушана займаць арэндаваныя памяшканьні: прычынай чаго сталася тое, што ў яе ранейшым будынку на Саборнай плошчы (сёньня пл. Свабоды) ў 1835 адбыўся пажар, а пасьля перабудовы там разьмясьціліся расейскія адміністрацыйныя ўстановы („здание Присутственных мест“). Яшчэ да 1839 году ў гімназіі працягвалася выкладаньне польскай мовы — традыцыя з папярэдняй эпохі (каротка ўзноўлена ў 1857-1863). У 1819-1822 гг. выкладчыкам арытмэтыкі і гэаграфіі тут працаваў Ян Чачот. Падчас падзеяў 1863 г.,
„Актыўны ўдзел у паўстанні прынялі гімназісты Менскай і Слуцкай гімназій. У студзені 1863 года іх патаемныя намеры былі раскрытыя, зброя, якую яны старанна збіралі, была канфіскавана, увесь люты ішло следства, аднак гэта не спыніла агорнутую патрыятычным парывам моладзь. У ноч з 19-а на 20-е красавіка 1863 года навучэнцы Менскай гімназіі выступілі з Менску. Да іх далучылася разначынная моладзь. У дванаццатай гадзіне дня мяцежнікі падышлі да паштовай станцыі Юхноўка. Забраўшы паштовых коней і павозкі, рушылі па Смалявіцкай паштовай дарозе ў бок Смалявіч. Ад'ехаўшы каля сямі вёрст, кінулі павозкі на краі дарогі, а самі адправіліся далей у бок Ігуменскага павета. Як данасіў Смалявіцкі валасны старшыня Адам Мурашка, мяцежнікаў было ад 70 да 100 чалавек, і яны былі ўзброены агнястрэльнай і халоднай зброяй.“ (Адсюль).

         Сярод знакамітых навучэнцаў і выпускнікоў таго пэрыяду былі нп. Станіслаў Манюшка, Тамаш Зан (1805-1812), Аляксандар Ельскі (вып. 1852), граф Яўстах Тышкевіч (вып. 1831), Тадэвуш Корзан (вып. 1855, са срэбн. мядалем), Бэнэдыкт Дыбоўскі (вып. 1853), Уладзіслаў Борзабагаты (удзельнік паўст. 1863, мэдык, мэмуарыст), Антон Трусаў (паўстанскі камандзір 1863 г. на меншчыне), Якуб Наркевіч-Ёдка (навуковец, вып. 1865), Юльян Гарайн (пісьменьнік, мэмуарыст) і інш. І дасёньня на былым будынку гімназіі на пл. Свабоды вісіць мэмарыяльная шыльда зь імёнамі некаторых знакамітасьцяў зь ліку яе выпускнікоў (хоць шмат хто з там пералічаных насамрэч вучыліся ўжо ў новым будынку).
         У сваю чаргу, Менская губэрнская сяміклясная гімназія была створана ў 1804 г. зь Менскай губэрнскай шасьцікляснай гімназіі. Менская ж губэрнская шасьціклясная гімназія ўтварылася ў 1803 г. ў выніку наданьня гімназійнага статусу (100-годзьдзе якога, як згадана вышэй, адзначалася ў 1903 г.) ранейшай 6-кляснай „Минской губернской школе“; у „Минскую губернскую школу“ ў 1799 годзе была пераназвана ранейшае менскае „Главное губернское училище“: а гэткая назва за паўгады перад тым была нададзена ранейшай менскай „поиезуитской школе“ — як яна называлася пасьля ўключэньня Менскага ваяводзтва ў склад Расейскай Імпэрыі ў выніку ІІ падзелу Рэчы Паспалітай. Праз усе гэтыя перайменаваньні школа знаходзілася ў згаданым вышэй будынку на Саборнай (цяпер Свабоды) плошчы (у дарасейскія часы — Высокі Рынак), які атрымала ад менскага „Приказа общественного призрения“ яшчэ ў 1798 годзе — на месцы скасаванага ў 1793 годзе мужчынскага базыліянскага кляштару. А ў той будынак школа мусіла перабрацца ў 1798 з прычыны пажару, які спустошыў яе ранейшы будынак: бо ў 1797 пажар адбыўся ў касьцёле і будынках былога езуіцкага калегіюму (які, пасьля рэканструкцыі 1799 г., занялі расейскія дзяржаўныя ўстановы). Таму, словы сучаснай мэмарыяльная шыльды „тут у 1803 годзе была адкрыта Мінская гімназія“ — ня надта дакладнае азначэньне таго, як тая гімназія там насамрэч зьявілася.

Былы будынак школы (зьлева ад касьцёла) і калегіюма (справа ад касьцёла). Зь Вікіпэдыі. Літаграфія перш. пал. ХІХ ст.
         А будынак школы былога езуіцкага калегіюму на Высокім Рынку (пераназваным расейскай уладай у Соборную площадь) тая школа займала да 1797 г. яшчэ зь перад-расейскіх часоў. Як і пазьней, да 1793 г. яна складалася з 6 клясаў, якія завяршалі тагачасную сярэднюю адукацыю: тыповы вучань пачынаў 1-ы зь яе клясаў у 10-гадовым узросьце і, адпаведна, у 16-гадовым веку сканчаў 6-ы. Цікавую крыніцу зьвестак пра пэрыяд жыцьця менскае школы ў да-расейскі час знаходзім у штогадовых справаздачах гэнэральных інспэктараў Камісіі народнай адукацыі Вялікага Княства Літоўскага за 1782-1792 гг.(3).
         Зтуль дазнаемся, што нп. у 1792 г. кіраўніком тае менскае школы быў ксёндз Тадэвуш Абранпальскі (Obrąpalski), пасада якога называлася „прарэктар“. Пад яго загадам было 6 штатных выкладчыкаў прадметаў, якія таксама былі кляснымі настаўнікамі яе 6 клясаў: кіраўніком 6 кл. быў Ян Будзілловіч, 5 кл. — Бонавэнтура Яворскі, выкладчык фізыкі, 4 кл. — кс. Язэп Лаўрыновіч, 3 кл. — Тадэвуш Іваноўскі, 2 кл. — кс. Францішак Пшэтоцкі, 1 кл. — Станіслаў Алендзкі (Olędzki). Акрамя таго, быў намесьнік настаўніка Ян Сухецкі і выкладчык нямецкай мовы Ян Фэдэр (Цэдовіч ?); штатным казнадзеям быў францішканін кс. Караль Гэнрыкоўскі. Штодзённа а 7 гадзіне раніцы служылася імша для вучняў. Асобна згадана, што „па Дню Задушным [Дзяды], набажэнства адпраўляецца ў памяць памерлых дабрадзеяў адукацыі“. Пра вучэбнае абсталяваньне зазначана, што „электрычная машына і іншыя фізычныя прылады атрыманы коштам ягамосьці пана Яворскага, выкладчыка фізыкі, і служаць дзеля карысьці вучняў“. Для харчаваньня пэдагагічнака калектыву арганізоўваўся супольны стол, за які быў адказны сам прарэктар. Вучняў было 277, навучаньне вялося па падручніках. Былі штомесячныя іспыты, адзнакі запісваліся ў рэгістрацыйную кнігу. Па выніках году вучням прысуджаліся ўзнагароды — мядалі „Diligentiæ“ (стараннасьці): 1 залаты і 2 срэбных.

Будынак былой езуіцкай школы побач касьцёлу на б. Высокім Рынку (Саборная плошча). Канец XVIII-пач.XIX ст.
         Падобнае становішча бачым у справаздачы і за 1789 год, але тады амаль усе выкладчыкі былі каталіцкімі сьвятарамі, акрамя настаўніка нямецкай мовы: выкладчык права і настаўнік 6 кл. кс. Ігнат Высоцкі, выкладчык фізыкі і настаўнік 5 кл. кс. Тамаш Лемпкі, выкладчык матыматыкі і настаўнік 4 кл. Станіслаў Алендзкі, выкладчык рэторыкі і настаўнік 3 кл. кс. Мікалай Бжазоўскі, настаўнік 2-й клясы кс. Францішак Пшэтоцкі, настаўнік 1-й клясы кс. Язэп Лаўрыновіч. Навучалася 282 вучняў. Ян Фэдэр Цэдовіч выкладаў нямецкую для 48 асобаў. За год перад тым, у 1788, інспэктар адзначыў што „Ягамосьць кс. Высоцкі, выкладчык права, ... пільнасьцю і працавітасьцю так дасканала навучыў сваіх вучняў юрыдычнаму працэсу, што па сканчэньні школы яны могуць без дадатковай адукацыі практыкаваць права ва ўсіх публічых судах“. Зазначана, што кс. Лаўрыновіч, настаўнік 1-га клясу, быў адказным за стан бібліятэкі і падтрымліваў яе ў парадку. У папярэдняй справаздачы, 1787 г., згадваецца неабходнасьць рамонту даху і паркану, пашкоджаных бурай. Інспэктар пахваліў настаўнікаў і вучняў. Адзначыў праблему, што „ў школьнай залі адбываюцца паседжаньні земскага і гродзкага судоў, не запытваючы прарэктара аб дазволе. Здаецца, што гэты звычай зь цягам часу ператварыўся ў права“.
         Падобныя зьвесткі знаходзім і ў папярэднім рапарце 1787 г.: 236 вучні, патрэбны рамонт даху і паркану, суд без дазволу заняў залю. Выкладчыкаў і вучняў інспэктар хваліў за стараннасьць. Адзін з выкладчыкаў атрымаў асаблівую пахвалу за тое, што напрацягу 6 гадоў ніколі не спазьніўся ў школу. Зазначана, што загадана не дазваляць вучням старэйшых клясаў прапускаць „заняткі, якія ім менш падабаюцца“. Згадана, што школе належыў м.ін. бровар былых езуітаў. Годам раней, у 1785 знаходзім той самы настаўніцкі склад, але, апроч асобаў духоўнага стану, пэўны унтэр-афіцэр быў выкладчыкам французкае мовы. Набажэнства для вучняў праводзілася ў ксяндзоў-камуністаў, ды „выкладчыкі маюць супольны стол зь іхмосьцьмі ксяндзамі-камуністамі, бо ў 2 школьных дамох няма месца“. Адзначана, што ў бібліятэцы была нястача кніг клясычных аўтараў.
         У справаздачы гэнэральнага інспэктара ў папярэднім, 1783 г., чытаем, што кожны з выкладчыкаў павінны быў мець акадэмічную доктарскую ступень. Праўда, усім, у каго яе яшчэ не было, Камісія народнай адукацыі ВКЛ яе тут жа надала. Пры школе тады жылі 2 выкладчыкі-пэньсіянэры, загадана прыцягваць і іх да розных абавязкаў. Вучняў было 212. Інспэктар яшчэ тады адзначыў патрэбу адрэмантаваць, маўляў, „parkan od ulicy murowany, znacznie do upadku nachylony, z niebiezpieczeństwem przechodzących“. — У бібліятэцы ён тады знайшоў „стосы кніг без парадку“, загадаў іх упарадкаваць і стварыць рэгістрацыйны каталёг. Занатавана, што старшыня мясцовага земскага суду, Уніхоўскі, ужо праводзіў паседжаньні ў адной з заляў калегіюму і дамагаўся набыць школьныя будынкі для судовых установаў. Падобна і ў самай першай справаздачы 1782 году, усе выкладчыкі былі каталіцкімі ксяндзамі, кіраўніком школы (занатаваны як „рэктар“) ужо тады быў кс. Тадэвуш Абранпальскі, быў таксама прэфэкт і 6 выкладчыкаў. Прэфэкт і адзін з настаўнікаў жылі ў будынку школы, бо ў калегіюме (дзе звычайна жылі настаўнікі), маўляў, бракавала месца. Да калегіюму належыў таксама „оgród, czyli sad“. Інспэктар ужо тады крытыкаваў стан школьнай бібліятэкі: „Biblioteka z samych braków złożona, ale i przedtem bie była wyborna“. Паведамляецца, што мясцовыя ўлады ўжо тады мелі жаданьне забраць будынкі школы, каб разьмясьціць судовыя ўстановы, і самачынна пачалі ўжываць залі для судовых паседжаньняў. Таксама ўздымалася пытаньне пэнсіі для былых выкладчыкаў-езуітаў.
         З гэтага апісаньня 1782 году м.ін. вынікае, што калегіюм, дзе ўласна меліся жыць выкладчыкі, мясьціўся ў будынку па адзін бок ад касьцёла (сучаснай каталіцкай Катэдры), а школа знаходзілася ў будынку па другі яго бок: „Collegium, kościół i szkoły w cągłej na rynku linii podług symetrii są stawione...“
         А згадка справы пэньсіяў для выкладчыкаў з былых езуітаў, як і назва „поиезуитская школа“ ў 1793-1799, урэшце скіроўвае нас да найранейшага этапу гісторыі школы. Бо тая 6-клясная школа апынулася ў падпарадкаваньні Камісіі народнай адукацыі Вялікага Княства Літоўскага ў выніку скасаваньня ордэну езуітаў папам рымскім Клімэнтам XIV 21 ліпеня 1773 г.: гэтак у ВКЛ усе навучальныя ўстановы, якія перад тым належылі езуітам, перайшлі да дзяржавы. Менавіта такім чынам і Менскі калегіюм езуітаў быў скасаваны, а ягоная школа ператварылася ў менскую сьвецкую 6-клясную школу: ды з гэтай прычыны аказалася, што, напрацягу першых гадоў у новым статусе, усе выкладчыкі і адміністрацыя, а таксама пэнсіянэры школы, былі ксяндзамі экс-езуітамі, а школа і жылыя памяшканьні выкладчыкаў па-ранейшаму разьмяшчаліся ў колішніх езуіцкіх будынках.
         Афіцыйнае зацьвярджэньне менскага езуіцкага калегіюму адбылося ў 1714 г., а будаўніцтва яго канчатковага мураванага гмаху (перад тым быў драўляны), па правы бок ад касьцёлу, зь вежай з гадзіньнікам, скончана ў 1750. Акрамя касьцёлу, пабудаванага ў 1700-1709, езуіцкі комплекс тады ўключаў калегіюм для выкладчыкаў, школу і бурсу для вучняў (і шэраг гаспадарчых пабудоваў, накшталт бровару)(4). Аб датыроўцы пачатку якога-колечы вучэбнага працэсу раней гэтага часу існуюць супярэчлівыя зьвесткі; паводле сучасных польскіх аўтараў, школа ў складзе ніжэйшых клясаў працавала „прынамсі ад 1672 году“. Хоць статус калегіюму быў зацьверджаны ў 1714 (першы рэктар кс. Антоні Бжастоўскі, Brzostowski), некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць аб існаваньні пасады рэктара калегіюму нібыта яшчэ перад 1693 годам. Паводле „Энцыкляпэдыі ВКЛ“, езуіцкая школа мела будынак яшчэ ў 1699, хоць гэта і прызнаецца няпэўным. Нарыс гісторыі менскай р.-к. дыяцэзіі (1913 г.) паведамляе(5), што „W roku 1685 są oni w stanie zbudować wspaniały klasztor i założyć szkoły [вылучана мною, — V.S.], zwiększając liczbę kapłanów do 6-ciu“. Пачатковае матэрыяльнае заснаваньне, — у сэнсе атрыманьня фундушаў з намерам стварэньня пры менскай місіі езуітаў калегіюму, — вядомае ў 1682-3 г., калі былі атрыманыя ахвяраваньні Бжастоўскіх, Лукомскіх, Агінскіх і інш. Сама ж менская езуіцкая місія (што складалася пачаткова з касьцёлу і жылога будынку) была заснаваная ў 1654, інш. крын. — 1656 або 1657, біскупам Гіеранімам Сангушкам.
         Што праўда, згаданы вышэй артыкул „Столетие Минской гимназии“ (1904 г.) кажа пра школу „основанная иезуитами еще в 1641 г.“, аднак падставы меркаваць аб прысутнасьці ў Менску езуітаў раней 1654/57 зусім незразумелыя, ды існаваньне ў іх тут якой-колечы школы раней 1685 сапраўды не здаецца верагодным. У кроніцы езуіцкай „Літоўскай правінцыі“ Станіслава Растоўскага(6) пад 1656 годам чытаем, што вучоны езуіт („vir litteratura eleganti magister eloquentiæ, philosophiæ, thelogiæ...“) віленскі прафэсар кс. Лукаш Залускі быў „praeses nuper nascenti Minsci Collegio impositus“ — пастаўлены начале „нованароджанага“ менскага калегіюму. Аднак, калі намер стварыць калегіюм мабыць і быў адпачатку, відавочна справа тады далей не пайшла: бо нп. у згаданым нарысе менскай дыяцэзіі, — кажучы аб заснаваньні езуіцкай місіі ў 1656, — далей падаюцца падрабязнасьці, што неўзабаве, маўляў, „musieli księża Jezuici zredukować liczbę zakońników do dwóch“, ды заставаліся ў матэрыяльна цяжкім стане аж да атрыманьня згаданых шчодрых ахвяраваньняў у 1682-3 гг. Лёгка здагадацца, што прычынаю шматгадовай затрымкі стаўся ў 1655 г. захоп Менску царскім войскам (вайна 1654-67), адмыслова руйнаваўшым паўсюль у ВКЛ р.-кат. ўстановы (а ў 1656-58 надыйшло спусташэньне места голадам і эпідэміямі), настолькі, што замежны падарожнік занатаваў нават у 1678, што Менск „пацярпеў ад масквіцянаў, якія паратварылі яго амаль у разваліны“ (цыт. тут): у такіх акалічнасьцях, само заснаваньне ў 1654 ці 1656/57 тае езуіцкае місіі, ці з калегіюмам ці без, магло быць толькі фармальным.
         З гэткага агляду паходжаньня і інстытуцыйнае пераемнасьці пералічаных вышэй навучальных установаў вынікае, што школьны сайт сапраўды мае рацыю адносна „найстарэйшай школы Менску“ (пакідаючы па-за дужкамі пытаньне аб сувязі СШ №1 з ўрадавай жаночай гімназіяй 1899 г.): аднак, калі ўважліва прасачыць „радавод“ сучаснай школы №4, то неўзабаве можна будзе адзначаць ажно 300 (прынамсі) годзьдзе. Ды адзначаць тым зручней, што той самы першы будынак школы XVIII ст. (як і другі, 1798-1835 г.) захаваўся (цяпер музычны каледж побач касьцёла).
         Згаданая вышэй кніга аб 2-й школе пералічвае шмат выдатных фактаў пра яе настаўнікаў і выпускнікоў. Нямала гэткіх і ў 4-й школы, гісторыя якой працягваецца. Як паведамляе сайт школы, сярод былых вучняў менскай СШ №4 такія вядомыя асобы, як акадэмік А.Н.Рубінаў (з 2010 Старшыня Савету Рэспублікі НС РБ), савецкія акторы Алег Янкоўскі (1944-2009), Аляксандар Владамірскі (1950-1997). Да гэтага аднак будзе цікава дадаць, што ў ёй вучыліся таксама Cяргей Дубавец, Вінцук Вячорка (лінгвіст, старшыня Партыі БНФ у 1999-2010 гг), Пётр Марцаў (1962-2014) (колішні выдавец „Беларускай Дзелавой Газэты“, журналіст), Алесь Суша (культуроляг, журналіст, адзін з заснавальнікаў „Талакі“) і шмат іншых значных дзеячоў у розных галінах грамадзкага, культурнага і навуковага жыцьця Беларусі, а таксама пэўныя значныя фігуры бізнэсовых колаў.
         З гэтай нагоды можна прыгадаць, як, паводле школьнай легенды, калі ў 80-х у школу прыйшлі КДБ-істы шукаць кампрамат на былога вучня, тады маладога беларускага дысыдэнта Вінцука Вячорку, дырэктарка ім сказала: асабіста нічога пра такога паведаміць не магу — запытайцеся ў настаўнікаў, якія яго вучылі, вось у выкладчыцы хіміі Надзеі Паўлаўны Гаўрусейкі напрыклад. А да Гаўрусейкі яна іх скіравала, маўляў, нездарма: бо Гаўрусейка была вядомая сваім ня менш крутым, чым у дырэктаркі, характарам, і няцяжка было прадказаць, як яна прывітае такіх гасьцёў. Дык маўляў, Гаўрусейка, выслухаўшы іх справу, заявіла ім прыкладна наступнае: „А я об ученике Валентине Вечерко ничего отрицательного сказать не могу. И никто другой в нашей школе ничего плохого о нём вам также не скажет!“ КДБ-істы ад размовы зь ёй, маўляў, зьбянтэжыліся ды так ні з чым і рэтыраваліся восвояси.
         ...Неўзабаве пасьля зьліцьця з СШ №2, у будынку школы №4 „імя Кірава“ абыўся грунтоўны рамонт і пашырэньне, і з 1979 яна запрацавала ў новай якасьці — агульнаадукацыйнай СШ №4 з музычным ухілам (як цяпер называюць, музычным напрамкам). З гэтага часу ў школе зьявіліся настаўнікі музыкі, некаторыя зь якіх працавалі ў менскай Філярмоніі ды іншых музычных калектывах і навучальных установах рэспубліканскага ўзроўню. Многія зь іх, як творчыя асобы, вылучаліся асабовай неардынарнасьцю і арыгінальнасьцю. Школа мела статус „узорнай“. Наведнікаў яна ўражвала ў 1980-х ня толькі аграмадным бронзавым барэльефам Кірава на ўсю сьцяну файе, а таксама ленінскім пакоем і кіраўскім музэям, але і тым, што ўжо ў пачатку 80-х яна мела ўласны тэлецэнтар і тэлевізары ў бадай што кожным клясе, якімі карысталіся для паказу навучальных фільмаў ды трансляцыі выступаў дырэктаркі. Або дзяржаўных пахаваньняў найвышэйшых кіраўнікоў СССР, якія акурат зачасьцілі на той сьвет у пачатку 80-х. У школу часьцяком прывозілі на экскурсію розныя дэлегацыі замежнікаў, што адведвалі Менск, ня толькі з соцлягэру, але і з „капстран“.
         Характэрнай рысай тагачаснай 4-й школы было значнае „адсейваньне“ пасьля 8-га клясу. Заставацца ў 9-10 тых, хто меў мала шанцаў патрапіць у ВНУ, дакладна не заахвочвалі. Вучні некаторых гадоў, пачаўшы ў складзе 5 клясаў (А-Д), да 10-га трацілі каля паловы складу, застаючыся толькі „А“ і „Б“, а ў некаторых выпадках, падаецца, „адсейвалася“ 3/4 пачатковай лічбы. Ды прынамсі ў сярэдзіне 80-х — пачатку 90-х, рэдка хто з абітурыенаў з 4-й школы не паступаў у ВНУ зь першай спробы (платных тады не было). Нярэдка здаралася, што адзнакі на ўступных іспытах ВНУ аказваліся вышэйшымі, чым па тых самых прадмерах на выпускных іспытах у школе. Распавядаюць нават аб такіх дыялёгах на ўступных іспытах ВНУ: сябра прыёмнай экзамінацыйнай камісіі: „А Вы скончылі якую школу?“ Абітурыент: "4-ю... імя С.М. Кірава... з музычным ухілам...“ Сябра прыёмнай камісіі: „Вядомая школа. Дык давайце паперы, адказы на нашы пытаньні вы канешне і так ведаеце!"
         Дырэктарка Л.К. Дарафеева мела рэпутацыю кіраўнічкі аўтарытарнай, аж настолькі, што гэта відаць спрычынілася да страты ёю пасады. Аднак цікавая рэч: было вядома, што яна адмаўляецца прыймаць заявы бацькоў аб вызваленьні ад беларускай мовы. А ў школе было шмат дзяцей савецкіх гэнэралаў ды палкоўнікаў: бо ў яе „акругу“ патраплялі нейкія службовыя кватэры штабу Беларускай ваеннай акругі. Аднак пасьля кароткай размовы з Дарафеевай, савецкія ваеначальнікі свае заявы аб вызваленьні дзяцей ад беларускай мовы амаль заўсёды забіралі.
         Першая рэч, якая зьмянілася пасьля адстаўкі Дарафеевай, была тая, што, як раней усе былі абавязаны пісаць чарнільнымі асадкамі, гэтак пры новай уладзе чарнільныя былі забаронены. Раптам усім загадалі пісаць толькі шарыкавымі. Настаўнікі на уроках пільнавалі, хто чым піша. Але, у духу падлеткавага непадпарадкаваньня, вучні навучыліся заладоўваць пустыя стрыжні шарыкавых асадак чарнілам. Як з-пад шарыкавай асадкі выходзіў, аднак, тэкст чарнілам — настаўнікі не адразу здагадаліся.
         Многія настаўнікі былі вядомы як неардынарныя асобы. Напрыклад выкладчык фізыкі Масалаў, — вельмі патрабавальны настаўнік, — меў непаўторны стыль выкладаньня фізыкі з гумарам. Часам на яго занятках можна было пабачыць незвычайныя рэчы. Задэкляраваўшы перад клясам, што ён не падпарадкаваўся „абсурднаму“ загаду аб здачы, пасьля Чарнобыля, з габінэта фізыкі ўсіх крыніц радыёактыўнасьці, ён даставаў з кантэйнэра і дэманстраваў клясу рэальную капсулю з ізатопамі, ад набліжэньня якой дэтэктар Гайгэра аж заходзіўся ў паніцы. Праўда, падчас дэманстрацыі ён прытрымліваў крыніцу радыёактыўнасьці сваёй драўлянай рукой.
         Пры новай дырэктарцы, В.А. Новікавай, вучням дазвалялася, у духу перабудовачнай „галоснасьці“, самім рабіць сьценгазэту, у т.л. з нататкамі пра настаўнікаў з гумарыстычным адценьнем. Гэтага было мала, і ў другой палове 80-х ў старэйшых клясах цыркулявалі самвыдатаўскія выданьні, на якія паляваў партыйны актыў, у асобах настаўніка гісторыі і ваенрука, аднак паляваў надта млява. Часы былі ўжо „ня тыя“. У калідоры першага паверху былі шкляныя газэтныя стэнды: дык пасьля першага „Чарнобыльскага шляху“ (26 красавіка 1989) на першай старонцы адной з выстаўленых там газэтаў („Чырвоная Зьмена“?) ўся школа магла бачыць сваіх вучняў у першым шэрагу калёны БНФ. Ды адміністрацыі даводзілася пільнаваць, каб у тыя газэтныя стэнды не закідваліся тагачасныя самвыдатаўскія выданьні і ўлёткі...
         Канешне, кожная школа пасьля некалькіх дзясяткаў гадоў пакрысе набывае рысы адметнага характару, стылю, „духу“, этасу і традыцыйнае ўгрунтаванасьці. Аднак сучасная 4-я школа Менску мае незвычайна даўгі радавод, з 1974 г. уключна з прасочанай вышэй спадчынай аб'яднанай зь ёй 2-й школы, які, нават не здаючы сабе справы аб гістарычных фактах і яго дакладнай істоце, у школе заўсёды адчувае бадай што кожны. Падсумоўваючы, з агляду гістарычнае гэнэзы сярэдніх навучальных установаў Менску вынікае, што, як установа сярэдняй адукацыі, сучасная менская СШ №4 сталася пераемніцай ня толькі прыватнай гімназіі 1906 году, але, праз аб'яднаньне з 2-й школай у 1974, таксама і інстытуцыйным нашчадкам менскай гімназіі 1803 году ды яе папярэднікаў часоў Вялікага Княства Літоўскага.

1) Шибеко З.В., Шибеко С.Ф. Минск: страницы жизни дореволюционного города. Мн 1990.
2) Школа на улице Энгельса, 37. Книга воспоминаний. Мн. 2005.
3) Raporty generalnych wizytatorów szkół Komisji Edukacji Narodowej w Wielkim Księstwie Litewskim (1782-1792). Wrocław. Ossolineum. 1974.
4) Слюнькова И.И. Монастыри восточной и западной традиций. М., 2002.
5) Nasze kościoły: djecezja Mińska. Warszawa, 1913.
6) Lituanicarum Societatis Jesu historiarum libri decem, auctore Stanislao Rostowski... Paris, 1877.

Гэнэалягічная табліца навучальнай установы


promo minsk1067 февраль 16, 2016 18:26 Leave a comment
Buy for 50 tokens
Оригинал взят у voolchitza в Немига. Исчезновение легенды. Или путешествие под Минском. Почти три месяца назад, перед путешествием в Индию, я с Васей Семашко решила пройтись по легендарной реке Немиге, которую когда-то спрятали под центральными улицами Минска, и вот что из этого…
Comments 
6-сент-2011 08:22 am
Спасибо огромное!!!
6-сент-2011 08:46 am
Мая першая школа:)
6-сент-2011 09:00 am
"... ў сярэдзіне 80-х — пачатку 90-х рэдка хто з абітурыенаў з 4-й школы не паступаў у ВНУ зь першай спробы..."
Цікава было б ведаць, кім (і дзе) працавалі бацькі тых абітурыентаў, якія ў сярэдзіне 80-х паступалі ў ВНУ зь першай спробы :)
6-сент-2011 04:06 pm
так а что там знать. рядом-то какие дома были?
помниться, внуки Сурганова и Семенихина у нас в классе учились. Кто старше - по фамилиям не назову, но, думаю, и так все понятно
6-сент-2011 09:30 am
Не зусим оф-топ: шмат цікавага па менскай гімназіі сярэдзіны ХІХ ст. ёсьць у Зоф'і Кавалеўскай.
6-сент-2011 06:30 pm
У Вікіпэдыі напісана, што Кавалеўская "У 1912 выдала кнігу ўспамінаў выкладніка Менскай гімназіі Ф. Шаблоўскага «Менскія абразкі 1850—1863 гг.»", у іншых напісана, што гэта была кніга пад аўтарствам Кавалеўскай, у якія маўляў былі ўключаныя ўспаміны Шаблоўсага, але я ня змог знайсьці нават арыгінальную назву - ніякія бібліяграфіі і анляйн-каталёгі ніякіх "Obrazkow minskich" Szablowskiego не знаходзяць, prosze pana...
6-сент-2011 09:57 am
В самом начале войны моя семья пряталась в подвале этой школы от бомбежки, там было бомбоубежище, а они жили напротив.
6-сент-2011 06:38 pm
Судьба школы в годы войны -- интересная тема, о которой я не смог найти точных данных, поэтому не стал писать домыслы. На аэросъёмке 1941/2 года, на которую ссылка, видно, что, как и библиотека рядом, школа стоит целая, под крышей, в то время как бывш. гимн. Фальковича напротив выгорела. По некоторым данным, якобы в 1941-42 она была одной из нескольких минских школ, где стараниями Годлевского возобновились занятия. В то же время есть воспоминания, што здание якобы занимал немецкий военный госпиталь. Не вполне ясно, когда именно его разбомбили. Было бы интересно уточтить.
6-сент-2011 03:00 pm
Как бывший ученик четвёртой школы, замечу, что не надо делать из "Доры" прямо царицу какую-то. Новикова была намного авторитарнее - каждые пять минут упоминала, что она не кто-нибудь, а депутат чего-то там.
Про замену чернил шариком тоже не так было - все вздохнули с облегчением и выкинули нафиг эти чернильницы.
Про освобождение от белорусского языка тоже неправда - бывало, что в классе по 30% учеников на уроки белмовы не ходили.
(Удалённый комментарий)
(Удалённый комментарий)
6-сент-2011 03:36 pm
Спасибо!
Интересен и автор нынешнего здания школы... но это уже моя тема :-)
Ну и, конечно, наделавшая в свое время много шума история со стрельбой по окнам ЦК.
Вот ссылка для А.Владомирского: http://www.belarusfilm.by/studio/personas/2252/
6-сент-2011 10:25 pm
Про историю со стрельбой по окнам ЦК признаюсь не слышал, хоть в самой школе тогда было окно, кажется на лестнице со стороны Кирова, с характерной дыркой от чего-то мелкокалиберного, возможно пневматики. Где-то можно про стрельбу по ЦК прочитать?
6-сент-2011 04:09 pm
Ды адміністрацыі даводзілася пільнаваць, каб у тыя газэтныя стэнды не закідваліся тагачасныя самвыдатаўскія выданьні і ўлёткі...
что-то не помню я такого...
6-сент-2011 06:49 pm
Это выражалось в том, что их туда реально засовывали, и с этим боролись, кто-то из завучей проверял и доставал. У технички был указ следить. Знаю, поскольку пару раз лично ставил туда какие-то ранние БНФ-овские или прото-БНФовские издания, но не попался :)
(Удалённый комментарий)
(Удалённый комментарий)
6-сент-2011 04:16 pm - moderatorial
Картинки (особенно в ленте) как-то наезжают, накладываются одна на другую.
6-сент-2011 08:37 pm - Re: moderatorial
Картинки при таком простом html трудно подогнать для всех экранов, надеюсь этот вариант лучше.
6-сент-2011 10:01 pm
Там прошел наш 3-й класс, 1957-8. Завуч был Ляпешкин Владимир Игнатьевич, а имя директора неприлично склонялось высоко на стене туалета "М" - на -юк. Потому что Крюк была его фамилия.
6-сент-2011 10:40 pm - Імя
Вялікі дзякуй аўтару (хіба што Дарафееву я б далё-ока не ідэалізаваў).
Вось і бясспрэчны грунт для пачатку грамадзкае дыскусіі, найперш сярод былых і цяперашніх вучняў ды пэдагогаў, але таксама ўсіх, хто любіць Менск і ягоную сапраўдную гісторыю. Ясна, што імя Кірава трэба прыбіраць на карысьць імя некага зь вялікіх выпускнікоў. Прапаную для дыскусіі тры варыянты: імя Станіслава Манюшкі; імя Тамаша Зана; імя братоў Луцкевічаў.
Выпускнік 1978 г. Вінцук Вячорка
6-сент-2011 10:58 pm - Re: Імя
Дзякую!
Мушу зазначыць, што й не падумаў, што азначэньні "драконаўская дысцыпліна" і "аўтарытарная кіраўнічка" маглі прагучаць як нібыта ідэялізаваньне аўтарам Дарафеевай! :) Наадварот, на часы пасьля Д. прыпадае адліга, калі школа стала адчувацца як установа цяплейшая, сьвятлейшая і весялейшая, чым перад тым.
Сучасны статус назвы пра Кірава мне невядомы: але прынамсі з афіцыйных шыльдаў яго прыбралі, бадай што яшчэ ў 90-х. Згодны, што было-бы слушна і дарэчна адлюстраваць унікальную спадчыну навучальнай установы у яе назве. Станіслаў Манюшка добры варыян для дыскусіі, таксама з прычыны музычнага аспэкту адукацыі ў гэтай школе. Граф Яўстах Тышкевіч, найвыбітнейшы архіёляг і краязнаўца Беларусі ХІХ ст, мог-бы таксама быць варыянтам.
12-окт-2011 06:12 pm
Когда я учился в 10 классе (1973-1974) в 4-й школе был какой-то скандал: вроде бы компания старшеклассников (в основном дети ответственных родителей) отмечала Новый год и в нетрезвом виде кого-то важного побила. Говорили и о какой-то "антисоветской организации" с лозунгом "уберите свои грязные руки от наших чистых длинных волос".
12-окт-2011 09:04 pm
:) Да в 70-х длинные волосы было "наше всё" :) В начале 80-х при Андропове приходилось деликатно балансировать в смысле длины, чтобы именно на грани возможного и невозможного :)
22-июл-2012 12:15 pm
Anonymous
Здравствуйте,где можно найти книгу " Школа на улице Энгельса", 37. Книга воспоминаний. Мн. 2005
Буду очень благодарна за ответ.Спасибо
Светлана
Soneiko80@tut.by
26-июл-2012 11:36 pm
Лично я одалживал у частного лица, она вышла небольшим тиражом и распространялась в основном среди выпускников школы. Тем не менее, должна обязательно быть в Национальной и вероятно других крупнейших г. Минска.
11-окт-2012 08:03 pm
отличная статья спасибо. сам учился здесь, а сейчас работаю
11-окт-2012 08:32 pm
Спасибо за отзыв, рад, что Вам понравилось. -- Кстати, к этому тексту, написанному около года таму, существует также "обновление": http://minsk1067.livejournal.com/547400.html

Edited at 2012-10-11 20:35 (UTC)
This page was loaded окт 20 2018, 1:50 am GMT.